“J_MORS” ЗАСЬПЯВАЛІ ПА-БЕЛАРУСКУ
На выдадзены з год таму і амаль нікім не заўважаны ў той час максы-сынгл “Web-дызайн” гурта “J-Mors” нарэшце зьявіўся попыт. Цікавасьць да “морсаўскіх” песень сяганула такой мяжы, што музыкам прыйшлося зрабіць дадатковы наклад дыску.
Безумоўна, зрабіла тут сваю справу пастанова Міінфармацыі пра 50% напаўненьне ФМ-этэру беларускімі песьнямі – за творы “J-Mors” адразу ж схапіліся ўсе(!) існуючыя айчынныя радыёстанцыі. “Айсбергі” ці той жа “Web-дызайн” не пачуў хіба толькі лянівы.
Музыкі вырашылі не проста дадрукаваць наклад дыску. Была ідэя дапоўніць дыск новымі песьнямі, але спыніліся на тым, што перазапісалі песьню “Глядзі” па-беларуску.
Цяпер на сынгле дзьве беларускамоўныя песьні (з 6 арыгінальных). Адна зь іх – “Прапанова” – у свой час нарабіла розгаласу ў музычных колах. Памідораў сьцярджаў, што ўдзельнікі “J-Mors” скралі ягоную мэлёдыю і скарысталі яе ў “Прапанове”. Справу, здаецца, утрэсьлі .
Як кажа лідэр гурта Уладзімер Пугач, хутка зьявіцца і новы альбом “J-Mors” .
Колькі там будзе беларускіх песень невядома, але хочацца спадзявацца, што хваля музычнай беларусізацыі не абміне і гэтую таленавітую каманду.
Яшчэ з навінаў, што тычацца “J-Mors”. На гэтым тыдні запрацаваў сайт групы па адрэсе http://www.jmors.of.by/.
6 лістапада аб 11-й гадзіне “J-Mors” сыграе некалькі песень у рамках адкрыцьця выставы “Пэрспэктыўныя тэхналёгіі й сыстэмы” (стэнд TUT.BY)
Сяргей Будкін