“АЛЯКСАНДРА І КАНСТАНЦІН” НЕ ПАРАЗУМЕЛІСЯ З ЖУРНАЛІСТАМІ
Падаецца, яшчэ зусім нядаўна дуэт “Аляксандра і Канстанцін” дэбютаваў са сваім альбомам “За ліхімі за марозамі”, а між тым прайшло ўжо амаль два гады.
За гэты час “А і К” асвойталіся ня толькі ў сябе на Радзіме: шмат паездзілі па сьвеце – ад Казахстана да Нямеччыны. Дарэчы, зусім нядаўна ўзялі ўдзел у днях беларускай культуры ў ДЦКЗ “Расея”. Кажуць, што той выступ так спадабаўся масквічам, што тыя адразу зьмялі дэбютны альбом дуэту.
Ну, і ўжо паўтары гады Аляксандра і Канстанцін зьяўляюцца артыстамі Дзяржаркестра РБ.
Днямі ў нацыянальным прэсавым-цэнтры адбылася прэзэнтацыя другога альбома музыкаў – “Сойка”. На ім АіК вырашылі цалкам адмовіцца ад перапеваак блюзавых стандартаў – на кружэлцы можна пачуць дзевяць народных і адну аўтарскую песьню.
Аляксандра на прэс-канферэнцыі прапанавала журналістам разам выканаць загалоўную песьню (яна выконваецца толькі пад ляскат далоняў), але тыя адказалі сьцятым маўчаньнем. Ужывую Аляксандра ўсё ж прапела – “Сена”, што сёлета ўзяла прыз за лепшую аранжыроўку на буйным фэсьце ў Астане.
Сваю разынку – мінімалісцкае гучаньне – АіК на альбоме пакінулі. Хоць ёсьць і эксперымэнты, дзеля якіх да запісу былі прыцягнуты вядомыя музыканты. У трох песьнях можна пачуць скрыпку Карэна Карапецяна (“Харлі”, “Крыві”), гітару і бубны Віктара Маўчанава, флейту й сітар італьянскага музыкі Люцыяна Весялоўскага , на “Едзе сястра к брату” падыграў нават акардыяніст “Лепрыконсаў” Уладзімер Федарук.
На альбоме сабраныя ледзьве ня ўсе распаўсюджаныя народныя песьні -веснавыя, абрадавыя, жніўныя, валачобныя, любоўная лірыка. Да некаторых зь іх (“Пчолка”, “Пара дамоў”) музыку напісалі самі Аляксандра і Канстанцін. Галоўнага музыкі дабіліся – манера выкананьня адметная, можна казаць, што “А і К” сталі ў пачэсны шэраг разам з “Троіцай”, “Крыві”, “Палацам”;.
Ужо па добрай завядзёнцы на альбоме айчыннага выканаўцы можна знайсьці кліп. Відыёрад да песьні “Пчолка” быў зьняты на сьвітанку, пасьля Купалаўскай ночы пад Ракавам, на рацэ Іслач. Зноў ж такі па-мінімалісцку, але з густам.
Музыканты прадаставілі для нашага гіт-параду песьню “Едзе сестра к брату” Пачуць яе можна ўжо ў трэцім туры.
Сяргей Будкін