Візу N.R.M. зможа атрымаць кожны
12 лістапада ў КЗ “Менск” адбудзецца прэзэнтацыя супольнага праэкту “Віза Незалежнай Рэспублікі Мроя”. У той жа дзень у продажы зьявіцца кампакты й касэты з запісамі праэкту.
Удзел у кампіляцыі ўзяў 21 выканаўца, некаторыя зь іх па-беларуску засьпявалі ўпершыню, як то “Краскі”, “J_морс”.
Трэба сказаць, што ўдзел у “Візе…” “беларусізаваў” і астатнюю творчасьць некаторых гуртоў. Напрыклад, гурт “J-морс” пераклаў на беларускую мову сваю песьню “Смотри” ды склаў яшчэ адну новую.
Але ня ўсе знакамітыя айчынныя выканаўцы патрапілі на дыск. Так, напрыклад, “Ляпіс Трубяцкой” папросту не пасьпеў зрабіць сваю кавэр-вэрсію. Аналягічная сытуацыя ізь “Нэйра дзюбелям”, Валікам Грышком і некаторымі іншымі. Не ўвасобіліся ідэя зрабіць трыб’ют інтэрнацыянальным: “Triquetra” з Польшчы, “Тартак” і “Танок на майдане Конга” з Украіны таксама не пасьпелі зрабіць песьні да вызначанага тэрміна.
Музыкі, якія выканалі песьні N.R.M. на трыб’юце могуць выкарыстоўваць іх на сваіх альбомах і канцэртах. Так ужо зрабілі гурты “Краскі” (песьня “Тры чарапахі”) ды “P.L.A.N.” (“Мае пакаленьне”). Дарэчы, з гуртом “P.L.A.N.” праз гэта здарылася неспадзяванка: спонсар альбому – піўны брэнд “Аліварыя” – адмовіўся далей фінансаваць выпуск новага альбому. Кіраўніцтва заводу ўбачыла ў “Маім пакаленьні” палітычна неблаганадзейны тэкст.
Яшчэ адна прыемная навіна для прыхільнікаў N.R.M. ад стваральнікаў трыб’юту. Кожны, хто набудзе дыск зможа атрымаць візу Незалежнай Рэспублікі Мроя. Для гэтага трэба выразаць з CD-буклету пусты бланк візы, запоўніць яго ды адаслаць на пазначаную там адрэсу. У адказ вы атрымаеце зарэгістраваную візу з унікальным номерам, пячаткай ды подпісамі міністраў.
Гэтая акцыя сталася працягам “пашпартызацыі” грамадзян Незалежнай Рэспублікі Мроя, якая праводзілася падчас выпуску альбому “Пашпарт грамадзяніна N.R.M.” на пачатку 1999 году. Але ж тады пашпарты атрымалі ня ўсе фаны гурту, таму што акцыя праводзілася ў абмежаваныя тэрміны.
Дык вось ініцыятыва па легалізацыі знаходжаньня ў Незалежнай Рэспубліцы Мроя працягваецца…
Аляксей Мінчонак