Сьвята Піта
Рэпартаж з “Рэактара”.
Гісторыя паказвае, што 37 для песьняра – вельмі складаны ўзрост. Аднак Піт Паўлаў пакуль не засмучаецца.
Наадварот, свой чарговы Дзень народзінаў гітарыст N.R.M., як сапраўдная супэрзорка, адзначыў канцэртам – прэзэнтацыяй свайго чарговага сольнага праекту. Хаця, кажучы праўду, гурт Піта “Garackija” крыху згубіўся паміж гуртамі, якія прыйшлі павіншаваць яго – IMPATT, INDIGO і КУКЛЫ.
Абвясьціўшы, што хутка на сцэне зьявіцца IMPATT, Паўлаў са сцэны зьнік. Пакуль Дана адцягвала ўвагу гледачоў, Піт незаўважна прайшоў праз танцпол і сеў за адзін са столікаў. Дзіўна, але ні на яго, ні на астатніх музыкантаў, якія раз-пораз зьяўляліся ў залі, гледачы ўвагі не зьвярталі. Няўжо не цікава??? Не разумею…
Сьпеўшы колькі ўласных песень на ўсіх дзяржаўных мовах нашай краіны, IMPATT на дэсэрт падалі кавэр на “Чыстая-сьветлая” з трыб’юта N.R.M., які днямі мае выйсьці. Адны зь пераможцаў сёлетняга “Басовішча” – INDIGO – ня вельмі адрозьніваліся ад папярэдніх выступоўцаў. Хіба што пры канцы сваёй часткі канцэрту сьпелі кавэр не на N.R.M., а на “Zepeliny” НОВАГА НЕБА. “Garackija – лепшыя людзі ў горадзе”, – заявіў Піт, і ўсе чакалі лепшых людзей. Здаецца, нават Зьміцеру Падбярэзскаму, што сядзеў праваруч, надакучыла шукаць дзесяць адрозьненьняў паміж IMPATT і INDIGO. Каб час не праходзіў дарэмна, экспэрт “Тузіна гітоў”, як усе, набыў бутэлечку “Балтыкі”.
Garackija зьявіліся трэцімі. У гурце некалькі сэсыйных музыкаў – з большага гэта ўдзельнікі PETE PAFF. У ролі бэк-вакаліста дэбютаваў Алезіс. Побач з Паўлавым зьявіліся духавая сэкцыя й цымбалы. Менавіта бясконцае перасоўваньне цымбалаў зь месца на месца й стала асноўнай разынкай выступу каманды Паўлава.
Нейкі час усіх па-сапраўднаму “калбасіла й плюшчыла”, асабліва моцныя ўражаньні пакінуў “Сіні апэльсін”. Відавочна, Глёбус быў п’яны, калі пісаў гэты верш. Раю ўсім прыдбаць альбом, бо пра “Сіні апэльсін” немагчыма напісаць так, каб вы зразумелі.
Пасьля выхаду апошняй групы КУКЛЫ ўсе канчаткова зьехалі з глузду,. Апошняй, значыць – у якасьці хэдлайнэраў. Гэта дзіўна, калі ўзгадаць пра нагоду, зь якой людзі прыйшлі ў “Рэактар”. Але такі расклад можна патлумачыць яшчэ й тым, што пасьля вар’яцкіх танцаў пад сьпевы Sanki зьнясіленым падлеткам больш ніякай музыкі ня трэба. КУКЛЫ выклаліся на поўную, таму, калі гледачы выходзілі зь клюба, няшмат хто зь іх узгадваў пра Піта Паўлава і гурт Garackija.
09.11.2003