ВАРАШКЕВІЧ СТАЎ ЦМОКАМ
Пакуль удзельнікі групы “Крама” ездзяць на падпрацоўкі ў краіны няблізкага замежжа, лідэр калектыву Ігар Варашкевіч займаецца пабочным праектам удваіх зь вядомым беларускім гітарыстам Віктарам Маўчанавым. Музыканты запісалі пакуль тры песьні (усе ведаюць, што Варашкевіч ня любіць сьпяшацца): дзьве зь якіх ужо актыўна ратуюцца на радыёстанцыях (“Баба Лена” і “Я інакш не магу“).
Тэксты напісала Настасься Гулак – вядомая рок-паэтка, музыку – Маўчанаў. Праект было вырашана назваць “Цмок і малыш“, паводле аднаго з апавяданьняў Джэка Лёндана. У перспектыве плянуецца запісаць цэлы альбом беларускіх рок-н-ролаў.
А вось паслухаць Варашкевіча можна хіба толькі на сваёй сідзічцы ці ў нашым гіт-парадзе, бо чакаць на выступ ці “Цмокаў” ці “Крамы” у бліжэйшы час пакуль не выпадае.
Як паведамілі нашыя сябры з www.smotritel.com, сёлета спаўняецца ажно 15 год першаму беларускаму кліпу – “Ура” у выкананьні варашкевіцкай “Бонды“.
Сяргей Будкін