Інтэрв’ю для ULTRA-MUSIC.COM

Алег Хаменка:
«Афрыканцы ніколі не праспяваюць так, як спяваем мы наш фальклор»
Апошнімі цёплымі восеньскімі днямі Ultra-Music завітаў да лідэра гурта «Палац» Алега Хаменкі, каб узгадаць дзяцінства музыкі, тры зніклых трамбона і пачуць пра беларускія казкі амаль з першых вуснаў.
Як толькі ўваходзім, адразу атрымліваем па порцыі тэпцікаў і па кубку кавы «па-польску». Сядзім на невялікай светлай кухні, у якой, здаецца, ледзь змяшчаецца шыракаплечы Алег.

Аб самавызначэнні

У мяне было звычайнае дзяцінства. У Мінску. У Чыжоўцы я пражыў першыя дваццаць гадоў. Кім я толькі не хацеў быць. Толькі не касманаўтам. Дзесьці пасля дзесяці гадоў была думка аб тым, каб стаць музыкам. Але, насамрэч, я, можа быць, хацеў стаць і артыстам, але гэтак я не думаў. А кім мяне бачылі бацькі, ня ведаю. «Ідзі, куды хочаш».
Вучыўся я нядрэнна, асабліва да сёмага класа, а пасля ўжо і тройкі былі. І алгебру, ці што?… я запусціў сур’ёзна, і ў дзевятым-дзесятым класе палову задачак не мог рашыць, спісваў. А па астатніх прадметах былі нядрэнныя адзнакі.
Вучыўся таксама ў мастацкай школе, але нядоўга: я яе не скончыў. На спартыўныя секцыі хадзіў і вучыўся яшчэ ў музычнай школе. Тры школы цягнуць была нерэальна. Калі пачаўся выбар паміж спортам, мастацтвам і музыкай, то музыка неяк перацягнула. Я амаль скончыў студыю, потым з бацькамі зразумелі, што гэта дорага, а ў музычнай школе тады было танней вучыцца. Бацькі мне сказалі: «Калі так, тады ідзі вучыся ў гэтую музычную школу!» Але мне ўжо было шмат гадоў, а там у такім узросце бралі толькі на трамбон і на фагот, таму музычную школу я скончыў «па трамбоне». Бо ўжо на фартэпіяна ці на астатнія інструменты ніхто не браў. Вучыўся я ў 2-ой музычнай школе, што на Аўтазаводзе, самае блізкае да Чыжоўкі.

«Першы трамбон спёрлі…»

Успамінаў аб дзяцінстве — багата. Шмат добрых яркіх успамінаў.
Напрыклад, гісторыя аб тым, што ў мяне знікла тры трамбоны. Першы трамбон спёрлі, калі я пайшоў гуляць у футбол пасля музычнай школы. Я жыў на пятым паверсе, і каб не цянуць трамбон на пяты паверх, хуценька клаў яго каля свайго сарайчыку. Вярнуўся я з таго футбола — трамбона няма. Яго спёрлі мае суседзі, і так і не прызналіся! А ён быў дарагі, бо выдавалі тады трамбоны ў музычнай школе ў арэнду. Злаваўся тады я на ўсіх суседзяў. Мабыць, на які самагонны апарат яго… Ня ведаў я, куды ён знік. Я здагадваўся, хто прыкладна спёр, але ён не прызнаўся. І прыйшлося за той трамбон паўнавартасны кошт заплаціць, а яшчэ і новы набываць. Тады гэта для сям’і была значная страта.
Мой другі трамбон знік, калі я служыў пад Масквой… Там даведаліся, што я граў. Пры нашай частцы быў музычны аркестр, у якога не было інструментаў. Той трамбон мне прывезлі ў армію, і я на ім граў. Але ён згарэў. Там быў пажар. Ад яго нічога не засталося, акрамя мундштука.
Потым я набыў сабе ўжо трэці трамбон, на якім практычна не іграў. Было пару разоў. Нават з «Крамай» выступаў. Але на тым трамбоне я граў некалькі нотаў. На сённяшні час гэта нерэальна, бо ўжо ва Універсітэце культуры я граў не на трамбоне, а на ценар-горне — гэта трамбон такі, але скручаны ў адну «кучку».
На кожнага чалавека моцны адбітак накладвае род заняткаў. І, нават распавядаючы пра сабе, нельга не закрануць тэмы таго, чым цікавішся і што любіш. У некаторай ступені такія тэмы не горш апісваюць чалавека, чым яго аповед пра сябе. Ведаючы аб выхадзе зборніка «Беларускія народныя казкі для дзетак», зразумела, чаму Алег не мог не распавесці пра беларускі фальклор.
Аб казках

У маё дзяцінства выдаваліся беларускія казкі. У мяне была кніжка «Беларускія народныя казкі». Але рос я, канешне, як і ўсе: на «Кощее Бессмертном». Не выхоўваўся на беларускіх казках — гэта ж усё было пры «саветах». «Казкі народаў міра»… Чые гэта былі казкі? Пра… як гэта, такая жывёліна… ні саламандра, ні саламаха… Забыўся! На барсука падобная. Не… саламандра — гэта яшчарка… А гэта… расамаха, вось! Казкі пра расамаху…
На сенняшні час у мяне ёсць некалькі любімых беларускіх казак. Я іх распавядаю, і распавядаю нават са сцэны. 7 кастрычніка ў адным з клубаў будзе так званая «Казачная акустыка», я буду расказваць адну з сваіх улюбёных казак падчас выступу. Гэтая казка вельмі вялікая — хвілін сорак. «Доктар» ці «Дактары» — умоўная назва. Крутая казка!
Алег апынуўся неверагодна спакойным і, здаецца, замкнёным чалавекам. Быццам сам у сабе, нібы Лясны кот, як назваў ён сам сябе, калі наш фатограф фатаграфавала яго.
— Вы ж не на пашпарт здымаецеся! Усміхніцеся! — смяяўся ён сам з сябе.

«Беларускі блюз»

Я збіраў не казкі, а, ў асноўным, песні. Мы ва універсітэце вучыліся і збіралі песні. Тады мы ігралі хард-рок. А дзеля таго, каб нармальна граць хард, трэба ведаць блюзавую музыку. А блюзавую музыку каб добра граць — трэба ведаць блюз. Таму мы слухалі архаічны афрыканскі блюз. Ён вельмі падобны на ўсю архаічную музыку ўвогуле ў свеце. І мы разумелі: так, як спяваюць афрыканцы, мы спяваць ня здольныя. Але яны ніколі не праспяваюць так, як спяваем мы наш фальклор.
Мы вырашылі, што трэба збіраць наш фальклор. Тады мы яго ўмоўна называлі «беларускі блюз». Сапраўды старую аўтэнтычную музыку ці старыя аўтэнтычныя спевы. У свеце яны называюцца «афрыканскі блюз», а у нас — старыя аўтэнтычныя песні.
А, між іншым, калі збіраеш гэтыя песні, ты размаўляеш з людзьмі: мы ўключалі дыктафон з касетамі і заўсёды эканомілі месца. Спачатку збіралі толькі песні, а потым ужо запісывалі цалкам размовы. А размовы — гэта і прыказкі, і прымаўкі, гісторыі ўвогуле пра сябе, пра мужа-п’яніцу, пра тое, як пайшла замуж… І казкі.

«Данцову чытаць — не заходзіць!»

Зараз у свеце пачынае з’яўляцца такая рэч — фолк-history. Гэта расповед пра гісторыю, толькі не маршалам ці тымі, заказнымі, што гісторыю пішуць, а расповед пра гісторыю тых людзей, якія ўсё гэта самі бачылі. Акупацыю, рэпрэсіі. У сталым узросце яны ўжо не баяцца распавесці, як гэта было на самой справе. Гэта на ўзроўні не гістарычным, не навукова пацверджаных рэчаў, а ўсё так, як чалавек бачыў. Канешне, гэта эмацыянальна і не заўсёды тыя факты, на якія трэба абапірацца, але гэта тое, што, мне падаецца, і стварае рэальную замалёку, карцінку.
З гэтым усім і пачалісь збірацца казкі.
Тых казак запісана ў аўдыёварыянце каля сямідзесяці, а ў кніжкі паўваходзілі абраныя. З тых сямідзесяці, можа, толькі пяць ці шэсць маіх. Астатнія казкі я проста збіраў. Апублікаваныя ці ад людзей, якія самі ўжо казку запісалі… Гэта мяне цікавіла ўвогуле. Данцову чытаць — не заходзіць! «Гары Потэр», «Уладар пярсцёнкаў»… гэта ж гэтак салодка!


Евгения Логуновская

Пакінуць адказ