Iнтэрв’ю PARTA.BY


Гэтае інтэрв’ю зусім звычайнае. Звычайныя пытанні пра школьныя адзнакі, любімыя заняткі… Ды ў той жа час незвычайнае. Мой субяседнік – заснавальнік беларускага фолк-рока, лідар легендарнага гурта “Палац” – Алег Хаменка. І ці можна ўявіць сабе Алега, які размаўляе не на роднай мове? Таму на магчымае пытанне, чаму з задавальненнем пішу на беларускай мове, адказ зразумелы.
Нарадзіўся Алег ў красавіку 1967 ў Мінску. Вучыўся ў вядомых агульнаадукацыйных “чыжоўскіх” школах: 117 – да сёмага класа, і 43 – з сёмага па дзесяты, ды ў бліжэйшай музычнай, №2, па класу трамбона. Адразу пасля школы паступіў у Мінскі інстытут культуры (зараз Беларускі Дзяржаўны Унініверсітэт мастацтваў і культуры) на эстрадна-духавую кафедру. Пасля першага курсу… прызвалі ў савецкае войска. Пасля арміі аднавіў вучобу. Скончыў ВНУ у 1990. Жанаты. У верасні гэтага году святкаваў дваццацігоддзе сямейнага жыцця.


Паспрабуйце зараз зірнуць на сябе ў дзяцінстве з вышыні пражытых гадоў. Як бы Вы ахарактарызавалі таго хлопчыка?
Крыху “мяшкаваты”, але даволі ўпарты рамантык. Чыжоўскае выхаванне: хуліганы ды паэты працоўнага раёну.

Можа, што-небудзь з дзіцячага садка (калі хадзілі) успамінаецца?
Не… У садок не хадзіў… Дорага, ды й месцаў не было…

Ці хацелася ісці ў школу?
Здаецца так. Але хваляваўся, гэта памятаю дакладна.

З якім наборам ведаў крочылі на сцежку 11-гадовай вучобы? Ці, як кажуць, ні гу-гу?
Тады была дзесяцігодка. Я быў вельмі падрыхтаваным. У першым класе, калі дзеці толькі вучылі літары, я і чытаў, і пісаў… Таму вучыўся лёгка і хатнія заданні рабіў хутка, абы як, на пераменках. Да таго ж, я вучыўся тады маляваць, вучыўся музыцы, што, канешне, патрабавала часу.

І якія ж адзнакі ўпрыгожвалі (і ці ўпрыгожвалі) дзённік?

Недзе да шостага класу адзнакі былі даволі добрыя. Толькі за паводзіны – “зд.“, у лепшым выпадку. А потым розныя…

Напэўна ж, выдзялялі для сябе нейкія асобныя заняткі?
Не… Здаецца, не. А вось настаўнікаў выдзяляў – па гісторыі, беларускай ды нямецкай мове, хіміі. Яны былі вельмі цікавымі асобамі і таленавітымі настаўнікамі. І хоць адзнакі па гэтых прадметах былі не самымі лепшымі, аднак абгрунтавана рэальнымі. Гэта вымушала павагі, да настаўнікаў і прадметаў.

Ці памятаеце якія-небудзь вясёлыя выпадкі са школы? Тыпу цяганне дзяўчат за косы, бойкі на перапынках…
Цяжка ўзгадаць… Канешне, гэта ўсё было, аднак вясёлага нічога я не ўзгадаю…

Ці былі моманты, калі станавілася сорамна за свае паводзіны перад сябрамі, бацькамі, настаўнікамі?

Не… Я заўсёды знаходзіў сабе апраўданні, каб прыціснуць захады сумлення…

Як складваліся адносіны з настаўнікамі, з бацькамі? Ці каралі Вас?
Памятаю, як маці мне балюча ўлупіла скакалкай, калі я прыйшоў да дому нецвярозы… Магчыма, гэта адзіная “кара”, якую я памятаю да гэтага часу.

З кім Вы больш сябравалі – з хлапцамі ці дзяўчатамі?
Гадоў да дзесяці, больш з дзяўчатамі. Пасля дзесяці – з хлопцамі. Ну, і перад інстытутам, зразумела, і з дзяўчатамі, і з хлопцамі.


Ці ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, школьных вечарынах?

Так, да, гэта было. Быў самадзейны тэатр, былі выступы на сцэне з гітарай, футбольныя турніры, якія ладзілі самастойна.

Што рабілі ў вольны ад вучобы час?
От яго было вельмі мала. Быў перыяд, калі я вучыўся ў трох школах – агульнай, мастацкай, музычнай – і яшчэ хадзіў у спартыўныя секцыі. А так, кіно ды веласіпед, без мэты, абы катацца.

Памятаеце, як святкавалі апошні званок?
Так. Але даўно не ўзгадваў тыя падзеі.

Калі зразумелі, што музыка – гэта ваша жыццё?
Даволі позна. Калі атрымаў грошы за “халтуру” на вяселлі.

Хто былі Вашымі музычнымі кумірамі?
Куміраў не было. Гэта праўда. А падабалася мне шмат рознай музыкі: і “Бітлз”, і “Смокі”, і “Спейс” і, нават, памятаю “Задыяк” (савецкі гурт з Латвіі, здаецца).

Адкуль любоў менавіта да фальклору?

Адбіліся ў падсвядомасці бабуліны спевы. Потым цікавіўся наўмысна. Ну і да таго практыка на вясковых вяселлях.

Значыць, падарожнічалі шмат па вёсках?
Ну, менш, чым хацелася бы. Таму і зараз хочацца. Але ізноў не паспяваю.

Можаце зараз з упэўненасцю сказаць: “Школа дала мне шмат”. І пералічыць гэтае “шмат”?
Думаю, што, канешне, гэта час майго сталення. Аднак сказаць упэўнена, што гэта сапраўды “школа майго жыцця”… Ну, упэўнена так сказаць неяк “няёмка”. Не ведаю, што тут пералічыць.

А чым запомніліся студэнцкія, па распаўсюджанаму меркаванню, самыя вясёлыя гады?
Усім тым, што можа быць звязана з маладымі гадамі. Каханне, гулянкі, здрады, дахі, п’янкі, праца, вучоба, экзамены… жыццё…

Як большасць студэнтаў, напэўна, і падпрацоўвалі тады ўжо?
Так. Для студэнтаў-музыкантаў гэта вельмі распаўсюджаная і, я нават бы сказаў, неабходная з’ява.

Папярэдні мой субяседнік – Сяргей Мінскі – сказаў у інтэрв’ю, што пайшоў вучыцца ў Вышэйшае тэхнічнае вучылішча дзеля знаёмства з гуртом “Палац”. Што Вы рабілі ў гэтым вучылішчы?
Пры падтрымцы гэтага вучылішча мы, па сутнасці, здолелі стварыць прафесійную каманду. У нас была задумка стварыць студыю “Палац”, якая б працавала як нейкі прадзюсерскі цэнтр. Аднак шмат чаго не хапіла. І не толькі грошаў…

Каму б Вы зараз хацелі перадаць прывітанне?
Усім, хто мяне ведае. Здароў’я, поспехаў, дабрабыту, прыемных успамінаў і высакародных спадзяванняў!

Дзякуй Вам, Алег!

Марына Майская

Пакінуць адказ