“ПАЛАЦ” ПАДТРЫМЛIВАЕ “НАСТАСЬСЮ СЛУЦКУЮ” Й РЫХТУЕ МЮЗІК
Днямі ў этэры зьявіцца кліп на адну з апошніх песень гурта “Палац” “У лузе“.
Рэжысэрам роліка стаў Анатоль Вечар. Як і ўсе кліпы беларускіх выканаўцаў, “У лузе” выкананы ў мінімалісцкім стыле.
На пытаньне “Колькі грошаў было затрачана на здымкі кліпа лідэр “Палаца” Алег Хаменка адно толькі пажартаваў: “Тры мільёны даляраў”. Насамрэч бюджэт роліка невялікі: яго аснову складаюць кадры з фільму “Настасься Слуцкая“, у здымках якога ўласна “Палац” і ўзяў удзел (музыкаў можна пабачыць і пачуць на самым пачатку беларускага блёкбастэру).
Сам Хаменка нічога дрэннага пра самы супярэчлівы айчынны кінафільм сказаць ня можа: “Рабілі яго спрэс мае добрыя знаёмыя і я лічу, што гэта неблагое нацыянальнае кіно”.
25 кастрычніка “Палац” можна будзе паслухаць ужывую ў КЗ “Менск”.
Канцэрт будзе прысьвечаны 10-годдзю супрацоўніцтва групы з фальклорным калектывам “Калыханка“.
Плянуецца, што “Палац” засьпявае свае лепшыя песьні (у асноўным тыя, што зьмешчаны на апошнім дыску пад назвай “Сьвяточны“) разам з “Калыханкай”.
Кошт квітка – 6-20 т. Пачатак а 19-й гадзіне.
Акром таго музыканты рыхтуюць фольк-рок мюзікл “Возера“.
Хаменка спадзяецца, што рэпетыцыі распачнуцца ўжо ў лістападзе, хоць праблем зьвязаных з дэкарацыямі і інш. даволі шмат.
Музыка да мюзікла напісаная “Палацам”, лібрэта стварыў Генадзь Давыдзька, а пастаноўшчыкам выступіць кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Валенцін Дудкевіч.
“Ёсьць спадзеў, што гледачы пабачаць мюзікл ужо пры канцы гэтага году”, – кажа Алег. “Возера” будзе ўжо другім айчынным мюзіклам (першы – “Цацачная крама” Зьміцера Вайцюшкевіча). Хоць уласна ўдзельнікам групы назва “мюзікл” ня надта падабаецца.
Ну, а лідэра “Палаца” Алега Хаменка апроч канцэртных пляцовак можна пабачыць раз на тыдзень на новым тэлеканале “Лад”. Па суботах ён будзе весьці там праграму “Настаўніцкая” – “перадачу пра ўсе складнікі сучаснага жыцьця” для людзей ва ўзросьце ад 12 да 112 гадоў.
Сяргей Будкін.