Studenty.by

– Перш за ўсё нашай паважанай студэнцкай аўдыторыі было б вельмі цікава даведацца аб гісторыі стварэння гурта “Палац”? Як усё

 

адбывалася?

У 1987 годзе, пасля вяртання з арміі, я пазнаёміўся з Юрам Выдронкам (аднагрупнік Універсітэта культуры). Ён граў у мінскай хард-рокавай групе “Парадокс”, куды запрасіў і мяне. Але ў хуткім часе гурт распаўся і мы пачалі займацца ўласнай творчасцю. У той час я пісаў песні “пра каханне” ды і на рускай мове.У 1988 з арміі вяртаецца Дзмітрый Карабач (сябра Юры, зноў Універсітэт культуры, але не з нашага факультэту) Мы стварылі гурт без назвы. Галоўным чынам гралі на вяселлях уласныя песні і савецкі вясельны рэпертуар. У 1989 да групы далучыўся Юра Белякоў (зноў наша група інстытута). У 1992 годзе па маёй ініцыятыве з’явілася назва гурта – “Палац” і рэпертуар склалі беларускія песні.Ужо пад гэтай назвай мы гралі вялікі сольны канцэрт на Купалле (на Камсамольскім возеры ў Мінску) прынялі ўдзел у Басовішча92, і знялі відэа-версіі чатырох песен. У гэты час да нас далучыўся Зміцер Вайцюшкевіч.У 1993 мы вельмі шмат выступалі(першы фесываль Маладзечна, Славянскі базар), прыйшла вядомасць, у 1994 – першыя гастролі ў Германіі, а ў 1994-95 з’явіўся ў продажы наш першы альбом.

– Хто лічыцца сапраўдным заснавальнікам гурта, хто, так сказаць, дойлід вашага “Палаца”?

Прыкладна да 1994 года мы не вылучалі ў сваім гурце кіраўніка ці лідэра. З 1994 гэты абавязак лёг на плечы Юры Выдронка. У 1996 годзе, ў межах нашага гурта, нараджаецца праект “Крыві” кіраўніком якога стаў Юра, а я зрабіўся не толькі салістам але і кіраўніком “Палаца.” Такім чынам “ дойлідамі” можна лічыць усіх удзельнікаў каманды.

– Вядома, што ўсе ўдзельнікі вашага супольніцтва прафесійныя музыкі, усе мелі пэўны стаж працы да часу утварэння “Палаца” ,а ці лічаце вы, што для таго, каб быць прафесіяналам у галіне музычнага мастацтва – неабходна спецыяльная адукацыя?

Зусім не абавязкова, але – пажадана. Усе ўдзельнікі гурта маюць спецыяльную музычную адукацыю і да таго, амаль усе скончылі БДУ культуры і мастацтва.

– Фолк-рок накірунак выбіраюць у якасці сваёй “фішкі” не многія гурты. Лічыцца, што для таго, каб граць фолк- трэба яго дасканала ведаць, ведаць яго гісторыю, прынцыпы… Чаму менафіта фолк стаў вашай музыкай, вашым накірункам, шляхам вашай духоўнай сцяжынкі?

У падмурку любога музычнага накірунку “блюз,” “рок,” “джаз,” у тым ліку і класічнай, акадэмічнай і нават “поп” музыкі ляжыць музыка народная ці “фолк “. Калі хочаш зрабіць нешта новае, неабходны новыя тэхналогіі і новыя “будаматэрыялы”, але падмурак усёроўна такіж як і раней. Дык навошта граць “нешта другаснае” ? Другаснае, ці, быццам нешта новае, з нашай творчасці зробіць музычны бізнас, калі ён сам зможа развіцца ды ўсталявацца ў нашай краіне.

– У якую частку свету на сёняшні момант накіравана ваша праца? Я ведаю, што апошнія канцэрты адбываліся за мяжой, а спроба зрабіць невялічкі клубны канцэрт у Мінску скончылася няўдала… Ці ёсць гэтаму нейкія тлумачэнні?

Тлумачэння гэтаму няма, ды і неможа быць. Гэта надзвычайнае глупства з пахам здрдніцтва і шкоды. Мае паплечнікі лічаць, што гэта не ў нас праблемы, праблемы ў тых, каму вось гэдак неабходна здраднічаць і шкодзіць. Я шчыра спачуваю функцыянерам у якіх баліць сумленне з гэтай нагоды, а тым, у каго сумлення няма, мае спачуванні не патрэбны. Што тычыцца “часткі свету” – неведаю, бо на гэтым тыдні да нас прыйшлі лісты з Партугаліі і Навасібірску. Напэуна гэта – “Еўразія”.

– Спяваць для вас – адпачынак, або праца, або вы самі вызначаеце для сябе ў гэтам плане нешта асаблівае?

Усё дакладна залежыць ад месца. На канцэрце – гэта праца, сярод сяброў – адпачынак і задавальненне, у студыі на рэпетыцыі – самаўдасканаленне і самавыяўленне. Бывае, што і сам сабе спяваеш. Гэта ад пачуццяў ці такі настрой.

– Калі плануецца выхад новага альбома, якім ён мае быць па сваім музычным складзе, па тэматычнай накіраванасці (калі канешне гэта не прафесійны сакрэт).

Мы раілі што ў гэтым годзе альбом можа з’явіцца. Але запісалі толькі чатыры песні. Сярод іх, ужо вядомыя “Праважала маці сына” і “Кола грукатала”. Думаю, што усе яны могуць знайсці сваё месца ў новым альбоме.

-Усе вы калісьці былі студэнтамі, усе заўсёды сёння ўспамінаюць тыя часы або з усмешкай, або з… нечым іншым… А што менавіта для вас значылі вашыя студэнцкія гады, дзе яны праходзілі, што яны вам пакінулі ў спадчыну, чыму новаму навучылі… карацей што студэнцтва дало вам для пачатку дарослага жыцця?

… Сяброў, ……пачуцце, што “свет і для мяне,” …..не толькі дыплом, але і адукацыю так-сама…..гэта былі складаныя і ў той жа час вельмі цікавыя гады (1984-1990)

– Якая музыка была школай “Палаца”? Пад уздзеяннямі стыляў якіх гуртоў фармаваўся ваш, асабісты стыль?

Яшчэ ў студэнтскія гады я прыйшоў да высновы, што кожная сурьёзная творчая асоба мае свой уласны “стыль” Таму я і да гэтага часу шукаю якім можа быць мой уласны свет і ўласны стыль. Не гледзячы на тое, што мы даволі даўно назвалі сваю стылістыку “флок-мадерн”, я да гэтага часу ўсё разважаю, ці такі ён як я яго сабе ў’яўляў, ці можа гэта “фолк- пост-мадэрн”?…. ці гэта “музычны” стыль? а можа нешта іншае…. Але думаю, што ўся стылістыка аб’яднана простымі пачуццямі уласнымі і сяброў: роднае, прыгожае, падабаецца…

– “Ніколі не памрэ той, хто жыве ў сваіх творах”… Вы можаце аднесці да сябе гэта выказванне?

Большая частка песен, якія мы спяваем, не аутарскія а народныя. Таму гэта выказванне трэба аднесці да нашага народа. Будзем спадзявацца што народ не памрэ і творы яго не згубяцца.

– Што для вас “Палац”?

Палац гэта тое, што будуецца і для сабе і для сяброў і для нашчадкаў. Кожная культура, эпоха, пакідае пасля сабе свае палацы. Адна культура-эпоха – палацы піянераў, афіцэраў. Другая – спорту, культуры. Іншыя: палацы – казіно ці гатэлі, Версаль, Нясвіжскі палац, Зімні палац, палац рэспублікі ці прафсаюзаў і г.д. Нават на беларускіх грошах можна знайсці выявы чатырох ці пяці палацаў. Наш палац – гэта палац духоўных пачуццяў тутэйшых людзей. А душа народа складаецца з песні, музыкі, мовы, павагі да традыцый, жадання творчасці, мары, надзеі. Таму “Палац” для мяне, гэта пытанне: які ён – палац тваёй мары?

– Сёння вельмі складаны час на ўсёй зямлі, у кожным кутку свету. Як на вашу думку, ці надзелена музыка увогуле такой моцай, каб спыніць бясконцыя смерці нявінных дзяцей, жанчын, ды проста людзей, каб спыніць бязмэтавыя воіны, каб зрабіць людзей чуллейшымі… Ці валодае музыка такой моцай? Як увогуле вы глядзіце на гэтыя глабальныя жыццёвыя справы?

Кажуць што злы чалавек не спявае. А забойца, навогул, не можа патрапіць у ноту, перастае адчуваць тон і нармальна спяваць. Музыка не можа спыніць забойства ці вайну, але можа падтрымаць чалавека ў цяжкіх абставінах. Калі чалавек босы, голы, грошай няма, але ён спявае, такі чалавек знойдзе выйсце і зможа падняцца. А вось калі ў чалавека і грошы ёсць, і ўлада, але музыку не любіць, спяваць не любіць, толькі прыдзе ў яго жыццё цяжкае выпрабаванне і чалавек зломіцца.

Пакінуць адказ