Факт, які мы пра-хрусьць-ваем
На просьбу «Тузіна Гітоў» лідэр гурта «Палац» і сябра журы фольк-фэсту «Камяніца» Алег Хаменка адказаў навуковым эсэ на пытаньне: «Ці сапраўды айчынная фольк-музыка знаходзіцца ў заняпадзе». «Скепсыс тых, хто лічыць, што фольк у дупе, сьмеху варты. Этна-рок упэўнена перамагае ўвесь гітарны індыпэндэнт. Але толькі ня ў нас».
Найперш хацелася бы разабрацца ў тэрміналёгіі. Мы карыстаемся распаўсюджаным паняцьцем «фольк-рок», але відавочна, што гэта зьява павінна называцца «этна-рок». Ня буду паглыбляцца ў тлумачэньні, але нагадаю агульныя вяхі гісторыі фольк-року.
Сьцьвярджаюць, што першай фольк-рок песьняй была амэрыканская народная баляда «House of the Rising Sun», што набыла вядомасьць у выкананьні брытанскага гурта «The Animals» у 1964 годзе. А заснавальнікам фольк-рок руху можна лічыць Боба Дылана, аўтара песьні «Mr. Tambourine Man», які, зрэшты, выконваў і «House of the Rising Sun» раней за «The Animals».
У амэрыканскую народную-фальклёрную музыку ўключаецца блюз і кантры. Але пры гэтым гістарычна склалася, што блюз-рок не разглядаецца як падстыль амэрыканскага фольк-року, галоўным чынам таму, што першапачаткова блюз-рок гралі брытанскія гурты. Таму сёньня мы гаворым, што ў фольк-музыку сучаснасьці уваходзяць электрык-фольк, фольк-рок сярэднявечча, фольк-панк, нэафольк, фольк-мэтал. Асобна разглядаюцца кельцкі рок, блюз-рок і кантры-рок, якія трапляюць у фольк-рокавую плынь толькі ў эўрапейскім кантэксьце. Да ўсяго, асабіста я зьяўляюся папулярызатарам стылю фольк-мадэрн — стылю, народжанага ў Беларусі, які паўнавартасна можна разглядаць у кантэксьце разьвіцьця ўсходнеэўрапейскай фольк-музыкі.
Цяпер спынюся на тым, чаму я лічу, што зьява «фольк-рок» на мой погляд больш дакладна павінна была называцца «этна-рок». Этна-музыка ў адрозьненьні ад фольк-музыкі мае вельмі прыкладнае геаграфічнае абмежаваньне і практычна пазбаўленая каардынатаў у часовай прасторы. Калі цяпер асобна разглядаюцца такія рэгіянальныя напрамкі сучаснага папулярнага фальклёру, як індыйскі, усходнеэўрапейскі, цэнтральна-амэрыканскі і паўднёва-амерыканскі ці лацін-рок, скандынаўскі і турэцкі фольк-рок, а неўзабаве зьявіцца цікавасьць да кітайскага, расейскага, арабскага фольку і пачнецца ўзаемапранікненьне. У такім разе паняцьце «фольк» павінна памяняцца на паняцьце «этна».
Гэты працэс ужо адбываецца, найбольш відавочны ён у зьяве «world-music». Менавіта на падставе гэтых тэндэнцыяў, я думаю, што этна-рок ды этна-поп-рок станецца найбольш масавым і ўнівэрсальным музычным напрамкам у разьвіцьці музычнай культуры сусьвету.
На сёньня фольк-музыка розных напрамкаў упэўнена перамагае усе індыпэндэнт напрамкі гітарнай ды рокавай музыцы, якая ў сваю чаргу праз клюбы ды інтэрнэт пасунула зь вядучай ролі ў музычнай індустрыі поп-музыку.
Гэта агульнасусьветны факт, які мы тут пра-хрусьць-ваем.
У той час, калі праходзіла «Басовішча-2010», у Львове адбываўся сёмы міжнародны фэстываль «Краіна Мрій», дзе ад Беларусі выступаў «Палац». Надта цікава было паглядзець як арганізаваны фэст сучаснага фальклёру на тэрыторыі аднаго зь лепшых ва Ўкраіне музэяў народнай архітэктуры і побыту «Шэвчэнківскі гай». Летась на тэрытоыі Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту «Строчыцы» адбыўся падобны фольк-фэстываль «Камяніца». Сёлета ёсьць вялікае жаданьне падоўжыць традыцыю. Ужо ёсьць дамова з намі і этна-трыё «Троіца» пра тое, каб мы ня толькі выступілі ў межах канцэртнай праграмы, але і дапамаглі з арганізацыяй і адборам музычных калектываў. Ёсьць спадзеў, што беларускі фольк-рух абудзіцца.