ПЛЁННЫ “P.L.A.N.”
Андрэй Плясанаў – адзін зь піянэраў беларускага рок-н-ролу (ён пачынаў разам з “пінкфлойдамі”) – падобна на тое, перажывае другую маладосьць.
У гэтым годзе ён вырашыў сьпяваць толькі па-беларуску – у выніку ягока зьявіўся альбом “Блюз ў канцы тунэля“, але на гэтым не падумаў спыняцца. Ужо запісаны другі альбом ягонага гурта – “Вашае слова, Джон-Ячмень!” (ён мае выйсьці на пачатку лістапада), рыхтуюцца да выхаду трэці і чацьверты. Трэці – “Песенькі самотнага беларусіна” будез значна адрозьнівацца ад “плянаўскай” стылістыкі (клясічны блюз і рок-н-рол) у бок больш фолькавага акустычнага гучаньня.
На гэтым альбоме можна будзе пачуць вядомую па выкананьні Інкогніта ў “Народным альбоме” “Надзеньку”, народную песьню пра папіросы ў перакладзе на беларускую мову (памятайце: “Друзья, купите папиросы, подходи пехота и матросы”), файную фолькавую фантазію “Туман” ды інш.
У такім жа мінімалісцкім гучаньні была запісана і песьня для трыб’юту NRM – “Маё пакаленьне”.
Ну, а з чацьвертым альбомам (мабыць, ужо ў наступным годзе) “План” ізноў вернецца да блюзу і рок-н-ролу.
Дарэчы, у групе адбыліся зьмены кадравага кшталту: на зьмену гітарысту Жоржу Станкевічу прыйшоў Андрэй Дзяменцьеў, вядомы па гурту “Калі Юга“.
Сяргей Будкін.