НАШАЙ МУЗЫКІ Ў FM-ЭТЭРЫ БУДЗЕ БОЛЬШ?

НАШАЙ МУЗЫКІ Ў FM-ЭТЭРЫ БУДЗЕ БОЛЬШ? | 20.10.2003 |

Ня так даўно – 1 кастрычніка – у штаб-кватэры “Маладога фронту” адбыўся круглы стол па праблеме беларускага музычнага вяшчаньня. У ім узялі ўдзел журналісты (Падбярэзскі, Бескаравайны і інш.), палітыкі (Севярынец, Высоцкі, Сіўчык) і, канешне ж, музыкі (Паўлаў, Куллінковіч, Камоцкая).
Удзельнікі тае дыскусіі палічылі, што загад міністра інфармацыі аб 50-працэнтным напаўненьні ФМ-этэру беларускай музыкай выконваецца з наўмыснымі скажэньнямі. У прыватнасьці беларускі музычны блёк адносяць ажно на ноч, а асноўную частку “беларускай” музыкі на радыёхвалях складаюць такія выканаўцы, як “Би-2”, Барыс Маісеяў, Алёна Сьвірыдава, Юры Антонаў, “Ночные снайперы” etc.
У сувязі з гэтым быў ськіраваны зварот да новага міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча. У ім музычная грамадскасьць прапанавала разгледзіць магчымасьць устанавіць для ФМ-станцыяў роўныя прапорцыі (па 25%) беларускамоўнай і рускамоўнай музыкі ў 50% квоце.
Судзячы па ўсяму, зварот быў прыняты да ведама, бо са студзеня 2004г. па распараджэньню Міністэрства інфармацыі менавіта такую прапорцыю мусяць выконваць усе праграмныя дырэктары айчынных ФМ-станцыяў.
Няўжо мы пачуем на ФМ-хвалях “Новае Неба”, “Уліс” і “Краму”?
Сяргей Будкін.

Пакінуць адказ